БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ

(БНПС),

палітычная партыя праванародніцкага кірунку. Засн. ў Мінску ў маі 1917. У Арганізац. бюро ўваходзілі Я.Ф.Сушынскі (старшыня), А.І.Лявіцкі (Ядвігін Ш.), С.Я.Плаўнік (З.Бядуля), Ф.Стульба. Выступала за паступовае ажыццяўленне сацыяліст. пераўтварэнняў у грамадстве. У агр. пытанні падтрымлівала прынцып нацыяналізацыі зямлі і надзяленне ёй беззямельных і малазямельных сялян. Дапускала свабоду прыватнай ініцыятывы ў галіне прам-сці і гандлю, выказвалася за 8-гадзінны рабочы дзень, ахову жаночай і дзіцячай працы, бясплатнае навучанне ў школах на роднай мове. Выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і ўтварэнне Бел. краёвай рады, выбранай на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права. Удзельнічала ў паліт. жыцці Мінска, у рабоце Усебел. з’езда. Спробы БНПС пашырыць свой уплыў сярод насельніцтва не мелі поспеху, і неўзабаве яна знікла з паліт. арэны.

С.С.Рудовіч.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)